Дырэктарка госьпісу: «Калі б Горадня стала першым вольным горадам, за ёй пацягнуліся б іншыя»

Дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка казала, што ніколі ня зьедзе зь Беларусі. Але ўжо больш за месяц яна зь сям’ёй жыве ў Літве. Пра кнігу, якую ўзяла з сабой у Вільню, ролю рэгіёнаў у пратэстах, Кастуся Каліноўскага і тое, хто дома галоўны, яна расказала Свабодзе.

Сям’я Вялічак: Сяргей, Вольга, Радаслава, Міхал

Зьехалі пасьля званка, што могуць забраць дзяцей

Вользе Вялічцы 36. Замужам, двое дзяцей — 9 і 14 гадоў. Нэўрапсыхоляг і онкапсыхоляг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіраваньня ў сацыяльнай сфэры. Трынаццаць гадоў таму стварыла і ўзначаліла дзіцячы госьпіс. Сёлета пры ім працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў.

Вольга Вялічка на працы, фота 16 ліпеня

Вялічка была сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, незалежнай назіральніцай. Пасьля выбараў разам з паплечнікамі спрабавала стварыць раду народнага даверу ў Горадні. Удзельнічала ў пратэставых акцыях. Адседзела суткі ў ізалятары нібыта за ўдзел у мітынгу і атрымала штраф.

Увосень валянтэраў выселілі з майстэрні, хочуць забраць і памяшканьне госьпісу. Там ідзе праверка ДФР.

На саму Вялічку нібыта завялі крымінальную справу, але дакладнай інфармацыі пра гэта няма. У сям’ю да Вялічак хацелі прыйсьці органы апекі, каб праверыць хатнія ўмовы. На наступны дзень, 21 кастрычніка, Вялічкі зьехалі ў Вільню.

«Калі ты гэтага не рабіў, ня значыць, што цябе нельга за гэта засудзіць»

— Вы цяпер у Вільні. Чаму вы туды паехалі?

— Калі мяне затрымалі і адправілі ў ІЧУ (15–16 кастрычніка. — РC), былі людзі, якія сказалі, што гэта апошні «дзынь-дзынь», што я не павінна даваць ніякіх інтэрвію і супакоіцца. Я сьмяялася і рагатала. На наступны дзень, у суботу, на мерапрыемства ў падтрымку госьпісу, дзе не было палітыкі, прыехалі два [міліцэйскія] бусы.

У панядзелак пазванілі ў госьпіс з выканкаму і сказалі, што павінна быць праверка ДФР. Я сьмяялася і рагатала, што акурат такая праверка сёлета ўжо была. У аўторак да абеду пазванілі сябры, былыя міліцыянты, і сказалі, што на мяне будуць заводзіць крымінальную справу. Я тады сказала, што нікуды не паеду, пужаць мяне ня трэба.

Пасьля абеду ў аўторак са школы паведамілі, што рыхтуецца сацыяльнае расьсьледаваньне, каб забраць дзяцей (да гэтага ў нас ужо былі пытаньні са школай). У той жа дзень мне сказалі, што пэўная структура (КДБ. — РС) мной цікавіцца. Тады стала ўсё нясьмешна.

Мы пераначавалі дома, сабралі невялікую валізку, забралі дзяцей і ў сераду зранку зьехалі. У чацьвер прыйшоў ДФР з заявай, што госьпіс ня плаціць падаткаў. Кажуць, што заведзеная крымінальная справа на мяне. Ніхто не дае адвакату зь ёй азнаёміцца.

— У пэўным тэлеграм-канале пісалі, што вы нібыта шылі бел-чырвона-белыя сьцягі з старшынём Горадзенскага гарвыканкаму Мечыславам Гоем. Гэта праўда?

— Гэта няпраўда. Але калі ты гэтага не рабіў, ня значыць, што цябе нельга за гэта засудзіць. Мяне вінавацяць у тым, што я ў Горадні заклікала да страйку, да зьвяржэньня ўлады. Я не заклікала.

— Значыць, вы зьехалі, бо ў вас маглі забраць дзяцей. Калі б была пагроза толькі турмы, то вы б нікуды не паехалі?

— Я б тады нікуды не паехала.

— Чым вы ў Вільні цяпер займаецеся?

— Я па-ранейшаму кірую горадзенскім госьпісам. У нас так пабудаваная структура, што нават дыстанцыйна мы можам аказваць дапамогу людзям пры гэтым ціску.

Тут мне рады мае калегі зь віленскага госьпісу. Я зь імі супрацоўнічаю, мы тут ствараем такую сыстэму, якую не атрымліваецца стварыць у Беларусі, для літоўскіх дзяцей.

 «Паміж любоўю да Беларусі і любоўю да сваіх дзяцей я выбрала сваіх дзяцей»

— Вашыя дзеці пайшлі ў школу ў Вільні. Вы дапускаеце, што вам можа так спадабацца...

— Не, я не дапускаю такой думкі. Як толькі будзе першая магчымасьць вярнуцца дадому (мы тут ніякіх рэчаў не куплялі), мы зьбяром рэчы ў багажнік і зьедзем.

— Ці вы можаце расказаць пра ўмовы, у якіх жывяце?

— Мы наймаем жытло, жывём у нашмат горшых умовах, чым жылі, у вельмі маленькай двухпакаёвай чужой кватэры. У нас у Горадні трохпакаёвая кватэра ў крэдыт. Калі кажуць: «Вільня — свой горад», гэта ўсё роўна чужына. Мы тут госьці, і мы тут часова.

Вольга і Сяргей разам каля пяці гадоў

— Сёньня часта можна пачуць: «Зь Беларусі зьяжджаюць самыя лепшыя і актыўныя. Хто застанецца мяняць краіну?». Што вы пра гэта думаеце?

— У мяне быў просты выбар — быць у СІЗА, дзеці былі б у прытулку, пакуль бы іх родныя не забралі. Я ня ведаю, ці змагла б я зь СІЗА зрабіць тое, што я цяпер раблю для госьпісу. Цяпер пра яго пішуць сусьветныя мэдыя.

Днямі міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International абвясьціла кароткатэрміновую акцыю для дзіцячага госьпісу. Мы працуем над сьпісам людзей, якія ціснуць на госьпіс, каб унесьці яго на разгляд на пашырэньне санкцыйнага сьпісу неўязных у Эўразьвяз.

Мае дзеці мяне вельмі стрымліваюць. Калі б іх у мяне не было, я б зрабіла нашмат больш, чым я зрабіла. Мне заўжды казалі, прыкладам, з КДБ: «Падумайце пра сваіх дзяцей». Я заўжды больш часу прысьвячала госьпісу, чым сваім дзецям.

Прыходзіць час, калі разумееш, што ты на надрыве, і мацярынскае ў нейкі момант перамагло. Выбіраючы паміж любоўю да Беларусі і любоўю да сваіх дзяцей, я выбрала сваіх дзяцей. Або, можа, мяне прымусілі выбраць (Вольга пачынае плакаць). Я ня ведаю, ці правільна я зрабіла. Для мяне гэта вельмі цяжкі выбар.

— Як дзеці перажываюць пераезд?

— Мы ад іх нічога ня ўтойваем, адкрыта абмяркоўваем. Яны ведаюць, што прэзыдэнт, які цяпер на чале краіны, нелегітымны. Але мы ніколі не гаварылі без павагі пра Лукашэнку або яшчэ пра некага. Нядаўна я забірала Радаславу са школы, і яна ў мяне запыталася: «А што, Ціханоўскі дагэтуль у турме?»

Для іх, вядома, гэта вялікі стрэс, бо зусім іншая сыстэма школы, іншая экасыстэма, побыт. Мы ўсе перажываем стрэc. У нас ніколі не было ў галаве, што мы можам некуды паехаць.

— Вы калі-небудзь казалі «Я ніколі не пакіну Беларусь»?

— Так, я так казала. Я прывыкла, што як я кажу, так я раблю. Таму гэта мяне вельмі моцна грызе, што я перад сабой слова не стрымала і перад іншымі. Я была вымушаная зрабіць інакш.

— Удакладню, дзеці ходзяць у расейскамоўную школу?

— Не, у беларускамоўную гімназію. Калі мы выбіралі, што рабіць, для мяне было галоўным, што тут хоць нейкае беларускае асяродзьдзе застанецца.

«Колькі я праплакала за апошні месяц, я ня плакала за ўсё сваё жыцьцё»

— Па чым вы сумуеце найбольш?

— Па нядзельных маршах сумую (Вольга зноў плача). Мне казалі, што гэта небясьпечна, што дырэктарка госьпісу не павінна там быць.

Я думаю, што кожны чалавек павінен пабыць на вуліцы ў нядзелю, пабачыць той дух, зь якім людзі ідуць. Калі ты гэта скурай адчуваеш, гэта дае табе годнасьць звацца беларусам. Гэтага мне вельмі не хапае (плача). Што мне зрабіць, каб наблізіць гэта?

— Хацелася запытацца, ці плакалі вы ўвогуле за апошнія паўгода. Але толькі за апошнія паўгадзіны вы расплакаліся некалькі разоў.

— Столькі, колькі я праплакала за апошні месяц, я ня плакала за ўсё сваё жыцьцё. У мяне было вельмі шмат выпрабаваньняў. Мне сустракаліся людзі, якая здраджвалі мне вельмі жорстка; я бачыла, як дзеці паміраюць.

Мне здавалася, што я ўсё ў жыцьці бачыла. І нават гэты ІЧУ і тое, што там міліцыя рабіла, тыя словы, што мне казалі міліцыянты на маршах... Але я ніколі ня плакала.

Вольга ў ізалятары

Кіно ідзе, усе плачуць, а я ня плачу. На пахаваньні людзей ня плакала. Муж казаў, калі была праверка і я была на надрыве: «Можа, табе паплакаць?» А я адказвала: «Можа, я ня ўмею плакаць?»

10 жніўня ў нашай супрацоўніцы забралі сына. Я езьдзіла пад РАУС, пагаварыла зь міліцыянтамі і была вельмі злая. Адтуль паехала дадому. На коле тытунёвай фабрыкі я спыніла машыну каля ДАІ, бо немагчыма было праехаць. Сказала: «Людзі, што вы робіце?». Я пачала плакаць перад гэтым супрацоўнікам ДАІ: «Вы людзі ці вы нелюдзі?». І больш я ня плакала.

Я зразумела, што нешта трэба рабіць. Мы аб’ядналіся зь іншымі людзьмі і пачалі Раду народнага даверу. Тады было дзіўнае адчуваньне: ты баісься, але ня можаш не рабіць.

— Па чым вы плачаце, акрамя маршаў?

— Я вельмі па родных сумую, па супрацоўніках, па дзецях хворых, па бацьках, па госьпісе.

У паліятыўным цэнтры пры госьпісе

— Але ж вы некалькі разоў хацелі пакінуць пасаду дырэктара?

— Я не хацела пакінуць пасаду. Калі былі канфрантацыі з уладай, я ім прапанавала: у нас не атрымліваецца працаваць разам, дык пастаўце чалавека, які будзе кіраваць госьпісам, і арганізацыя будзе далей працаваць на карысьць людзям.

Яны днямі пальцам з гарвыканкаму прывялі ў паліятыўны цэнтар новага дырэктара, не зважаючы на законы і маральныя якасьці. Гэтаму чалавеку больш за 60 гадоў. Яна думае, што сядзе ў крэсла, скажа: «Я ваш новы дырэктар» — і людзі прымуць яе? 18 чальцоў арганізацыі мяне выбралі. Здымаць мяне могуць толькі яны.

«Хай Гой мне даруе, ён аказаўся баязьліўцам»

— Пасьля выбараў вы спрабавалі стварыць Раду народнага даверу, якая б уключыла прадстаўнікоў народу і чыноўнікаў. Што пайшло ня так?

— У нас ішло ўсё добра і дынамічна. У суботу ішлі мітынгі. Пачуцьцё свабоды было ў горадзе. Гэта як ты сядзеў у клетцы і цябе выпусьцілі палятаць. Я ніколі ў клетку зноў ня сяду. Я адчула, што такое свабода і якія беларусы. Я ніколі не пагаджуся на іншае.

Гэта была мая ідэя — запрасіць на сцэну дэпутатаў. Мой муж Сяргей быў мадэратарам той сустрэчы. Гэта ён Жуку (Ігар Жук — старшыня абласнога савету дэпутатаў. — РС) сказаў: «Тут мадэратар я, і тут мае правілы». Яны пакрыўджаныя асабіста. Я разумею.

Сяргей мадэруе сустрэчу на плошчы Леніна ў Горадні

— Вы ня думаеце, што дэпутатаў тады зацкавалі, ім крычалі «фу»?

— Ім крычалі «фу», бо яны на простыя пытаньні адказвалі адарвана ад жыцьця. У людзей былі канкрэтныя пытаньні. Трэба ўмець адказваць шчыра на нязручныя пытаньні. А казаць «Я хачу, каб дзіцячы сьмех гучаў на гэтай плошчы» — гэта зьдзек.

Іх цкавалі не таму, што нязручныя пытаньні, а таму, што яны за ўсё сваё жыцьцё не навучыліся разумець, хто такія беларусы і чаго хоча беларускі народ. Сёньня гэта адбываецца таму, што войска чыноўнікаў думае пра сваю машну і пра машну сваіх дзяцей.

На спэктаклі артыстаў, якіх звольнілі з горадзенскага драмтэатру

— Потым была сустрэча групы актывістаў з чыноўнікамі ў гарвыканкаме. Чаму тады ня выйшла дыялёгу?

— Бо чыноўнікі прызвычаіліся «ўключаць калыханку», а не вырашаць канкрэтныя пытаньні. Яны могуць на тры аркушы напісаць адказ, і там ня будзе адказу на маё пытаньне з трох радкоў. Як можна дамовіцца?

Пры Захаранку міліцыя была героямі. А пры міністру Караеву міліцыю называюць «карнікамі». Прафэсія чыноўніка і міліцыянта ўтаптаная ніжэй за плінтус. Былі памылкі з абодвух бакоў. Мы таксама не маглі спакойна сказаць, што павінен быць рэглямэнт, таймінг.

— Горадню ўжо называлі тады першым вольным горадам. Гой амаль перайшоў на бок народу...

— Так, гэта было відаць. Ён добры кіраўнік, умее вырашаць гаспадарчыя пытаньні. Але, хай ён мне даруе, ён аказаўся баязьліўцам. Калі б ён тады зрабіў гэты апошні крок, ён бы сёньня быў героем.

Нам таксама тады не хапіла ўменьняў, каб пераканаць яго. Сёньня не было б столькі пабітых, прыніжаных і забітых. Калі б Горадня стала першым вольным горадам, за ёй пацягнуліся б іншыя гарады. Гэта было магчыма.

— Вы сказалі, што сумуеце па маршах у Горадні, але ўжо больш як месяц іх няма. Што, на вашую думку, цяпер могуць рабіць рэгіёны?

— Я б найперш казала людзям, каб яны сябе бераглі, былі асьцярожнымі; былі сьмелымі; каб яны выбіралі сацыяльна важныя напрамкі і імі апекаваліся; каб стваралі суполкі; каб больш глядзелі на нашую культуру, мову, на нашых выдатных дзеячоў. Калі немагчыма зьбірацца ў цэнтры гораду, можна рабіць прадукты праз інтэрнэт.

Я б ім параіла адукоўваць сваіх дзяцей: расказваць, адкуль пайшла беларуская дзяржава, бел-чырвона-белы сьцяг, што такое «Пагоня». Больш чытаць па-беларуску дзецям, глядзець беларускае кіно. Пераводзіць дзяцей на навучаньне па-беларуску. Мае дзеці ў Горадні вучыліся па-беларуску з 1 верасьня, я проста напісала заяву.

Людзям, які пабылі ў ІЧУ, — напісаць скаргу на ўмовы ўтрыманьня. Я такую скаргу напісала.

Пісаць лісты палітвязьням. Гэта вельмі важна, і гэта тое, што кожны можа зрабіць.

Гэта ўсё павінна прывесьці не да зьмены ўлады, а людзі павінны ўсьвядоміць, што мы беларусы. Мы маем свой сьцяг, герб, мову і сваю ідэалёгію. Мы павінны ўсьвядоміць сваю ідэнтычнасьць. Калі мы гэта ўсьвядомім, ніводная ўлада ня здолее ўтрымацца. Людзі, якія зразумеюць, ніколі ня змогуць падпарадкоўвацца гэтай уладзе.

— Як так атрымалася, што беларусы заўжды лічыліся спакойнымі, пасіўнымі, нават забітымі людзьмі, а раптам сталі неймавернымі. Вы як псыхоляг можаце гэта патлумачыць?

— Калі чалавеку кожны дзень 26 гадоў у навінах расказваюць, што ўсе вінаватыя, усе дэбілы, толькі адзін разумны, людзі ад гэтага нэгатыву стамляюцца і адыходзяць. Яны больш ня вераць ні ў добрае, ні ў благое. Толькі не чапайце мяне, у мяне вёска, агарод, у Польшчу «на закупы» зьезьдзіць.

У 2020 годзе прыходзіць Марыя Калесьнікава і кажа: «Беларусы, вы неймаверныя, вы супэрнацыя, вы павінны дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці».

Прыходзіць адна жанчына, якая на кантрасьце паказвае, што беларусы могуць зьмяніць. «У вас ёсьць моц, ёсьць дух, ёсьць Беларусь, якая дрэмле ў кожным». Беларусы паверылі, што яны сапраўды неймаверныя. Гэта настолькі легла ў душу людзям. Яны будуць гэта памятаць, колькі будуць жыць.

— Што добрага адбылося зь беларусамі за гэты час?

— Першае: беларусы ўсьвядомілі, што наш сьцяг бел-чырвона-белы, а наш герб — «Пагоня». Другое: беларусы пачалі сьпяваць беларускія песьні і размаўляць па-беларуску. Трэцяе: такой салідарнасьці не было ў сьвеце, таму мы вельмі шчасьлівыя.

«Каліноўскі — ідэал, на якога я раўняюся»

— Чаму вы вырашылі ствараць госьпіс?

— Я веру, што Бог дае ў галаву, што табе трэба зрабіць, і ты гэта робіш, ня ведаючы чаму. Прыкладам, мне прыйшла ў галаву думка, што трэба распрацоўваць праграму для паўналетніх цяжка хворых людзей.

Я так не хачу гэтага рабіць, бо разумею, што зноў будзе супрацьстаяньне. Але ты сядаеш і за 2–3 дні складаеш усю праграму, у цябе ўсе пазлы складаюцца. Ты так ня хочаш гэтага, але робіш.

Я так не хацела ісьці подпісы зьбіраць. Думала, ня буду падстаўляць ні сябе, ні госьпіс. Але калі ўбачыла, што вылучаецца Бабарыка, ня ведаю як, але націснула на гэтую анкету і пайшла зьбіраць подпісы.

«Незалежныя назіральнікі». Думаю — не, я нічога ў гэтым не разумею. За тры дні да 9 жніўня я пайшла назіральніцай. Потым я думала: «Ня буду лезьці ў гэтую Раду народнага даверу, так ня хочацца». А яно само атрымліваецца.

Мяне так бацькі прывучылі, што калі ты нешта робіш, ты мусіш рабіць гэта якасна; і добра, калі ты робіш гэта зь першага разу.

— Сёньня некаторыя называюць Божым цудам тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Як верніца як вы да гэтага ставіцеся?

— Я называю Божым цудам тое, што летась знайшлі парэшткі Каліноўскага. «Раскапалі Каліноўскага — і панеслася». У мяне вельмі мала ідэалаў. Каліноўскі — ідэал, на якога я раўняюся.

Гэта чалавек, які паміж сабой і Беларусьсю выбраў Беларусь, які паказаў ідэю незалежнасьці, беларускай ідэнтычнасьці. Другі такі чалавек для мяне — Ларыса Геніюш. Калі мы выходзілі з дому, я сказала: «Пачакайце» і ўзяла ў Вільню ейныя «Лісты з Зэльвы».

— Кажуць, што з вамі няпроста працаваць. Ці ведаеце вы пра гэта?

— Я згодная, з любым прафэсіяналам няпроста працаваць. Мы адкрыта можам сказаць у калектыве адно аднаму ўсё, што думаем, — адразу, ня носім у сабе.

— Вас ня раз правяралі ў госьпісе. Калі за 13 гадоў вы перажывалі самы цяжкі пэрыяд?

— У першую хвалю каранавірусу людзі шылі маскі, халаты, але прыйшлі з паліклінікі і сказалі: «Вымятайцеся, нам гэта ня трэба». Яны так пакрыўдзілі людзей! Я прыехала, а людзі сядзяць і не разумеюць, што адбываецца. Мне тады было вельмі цяжка. Я падумала, што нешта мы можам зрабіць у гэтай сытуацыі (тады горад выдзеліў будынак пад майстэрню. — РС).

— Вы не баіцеся, што госьпіс цяпер могуць закрыць?

— Гэта будзе яшчэ адзін цьвік яму ў труну. Калі б я трымалася за пасаду, то не. Калі б там былі грошы... Бяз працы я не застануся. Яны зрабілі сабе ў Горадзенскай вобласьці галоўнага ворага, рэвалюцыйнага. Мы вытрываем. Мы робім гэта не для сябе, а для дзяцей.

— Колькі атрымлівае дырэктарка госьпісу?

— 680 рублёў.

— Вас ведаюць як прынцыповую кіраўніцу. А дома вы іншы чалавек, як жонка і маці?

— Чалавек, шчыры перад сабой і людзьмі, аднолькавы і дома, і на працы. Я магу дазволіць сабе сказаць чалавеку ўсё, што я думаю. Я гэта зраблю і дома, і на працы, і сябрам, і сваякам.

— Атрымліваецца, вы ў сям’і галоўная?

— Я і ў госьпісе не галоўны чалавек. Галоўныя — спэцыялісты, якія працуюць зь дзецьмі. Я таксама крыху працую зь дзецьмі. Толькі юрыдычная адказнасьць на мне.

Дома я нікім не камандую. Тут нядаўна прывезьлі прадукты. Дзеці іх разьбіраюць, і Міхал кажа: «Мама, мы не спраўляемся. Патрэбен твой мэнэджарскі розум». Я кажу: «Не-не, самі, самі».

Я прыхільніца таго, што людзям ня трэба перашкаджаць, ім трэба дазваляць праяўляць сябе перад сабой. Калі трэба прысьпешыць працу, гэта да мяне.

«Цана, якую я заплаціла за госьпіс, — мой першы шлюб»

— Калі б у вашых дзяцей запыталіся, якая ў іх мама, што б яны сказалі?

— Што я надзейны чалавек. Я людзям ня здраджваю. Мне здраджвалі ў жыцьці. Мая наіўнасьць мяне часам падводзіць. Пра мяне думаюць, што я жорсткі чалавек. Я ня жорсткая, я просталінейная. Я вельмі цаню людзей, якія ўмеюць сказаць у вочы... Міхал, што б ты сказаў на інтэрвію, якая ў цябе мама? (Вольга пытаецца ў сына. — РС). Кажа, што яму за інтэрвію не даплочваюць.

— Вы сказалі, што калі б вас пасадзілі ў СІЗА, то дзяцей забралі б у прытулак. Вы можаце патлумачыць, чаму яны не засталіся б з вашым мужам Сяргеем?

— Цана, якую я заплаціла, каб у нас быў госьпіс у горадзе, гэта мае стасункі з маім першым мужам. Я ніколі гэтага не казала. Я вельмі шмат часу праводзіла на працы, у службовых выправах. Ня кожнаму гэта прыйдзецца даспадобы. Мне трэба было выбіраць, і я выбрала ня мужа, а госьпіс.

Сяргей — мой другі муж. Гэта чалавек, які зразумеў мяне і прыняў такой, якая я ёсьць. Мы разам каля 5 гадоў. Калі ў Сяргея запытацца, колькі разоў я прыйшла дахаты а 7-й вечара на вячэру, то вельмі-вельмі мала.

Госьпіс — тое, што мне цікава; гэта ня праца, гэта маё жыцьцё. Мне цікава ствараць сыстэму на карысьць людзям. У пэўныя пэрыяды Сяргей выконвае значна больш бацькоўскіх абавязкаў, чым я.

— Калі вы так шмат на працы, то хто дома гаспадыня, хто ў вас гатуе?

— Гатуе ў нас сын апошнія гады два. Я прыйшла сёньня з працы, а Міхал пасмажыў мяса, тушыць бульбу. Вельмі добра гатуе Сяргей. Яны абодва атрымліваюць асалоду ад гатаваньня, а я — не. Мяса Міхал гатуе ўжо лепш за мяне. Але ніхто дома не гатуе лепшыя за мае супы.

На Каляды булкі таксама я пакуль пяку, у прабабулінай печы. Я ўмею печ распальваць, я вясковы чалавек. Я і карову ўмею даіць. (Вольга родам з Ваўкавыску, але шмат часу ў дзяцінстве праводзіла ў вёсцы пад Ваўкавыскам). Мы цяпер аднаўляем прабабкі дом. Мая любоў да беларусаў, да працы — ад вёскі.

— Ці можаце вы расказаць пра сваіх бацькоў і што каштоўнае яны вам перадалі?

— Мае прадзеды былі заможнымі людзьмі, іх раскулачылі. У сям’і ў нас усе дзяды з вышэйшай адукацыяй. Мая бабуля працавала галоўным бухгальтарам у сельсавеце. Дзядзька быў старшынём калгасу.

Мой бацька працуе інжынэрам на чыгунцы, больш за 5 гадоў быў найлепшым рацыяналізатарам у краіне. Ён навучыў, што, калі ты не пасьпяваеш нешта зрабіць, то бярэш працу дадому, каб не падводзіць людзей.

Мама доўгі час працавала ў Міністэрстве фінансаў, кантрольна-рэвізійным упраўленьні. Яна, калі купляла капусту, зьбірала чэкі, каб не абвінавацілі, што гэта хабар. У мяне вельмі сумленныя бацькі. Яны мяне гэтаму навучылі.

І таксама адказнасьці. Яны працавалі на пасадах, дзе ёсьць вялікая адказнасьць. Тата мяне навучыў не мітусіцца: «Спакойна, усё разруліцца».

Я навучылася ад бацькоў, што невырашальных сытуацый амаль няма. Калі чалавек памёр, гэта павярнуць немагчыма. Усё астатняе магчыма. Самае галоўнае — гэта чалавек.

— Як вы думаеце, калі вы вернецеся?

— Я не адчуваю, што калі вярнуся, то я буду ў бясьпецы. Калі ўсё скончыцца? Я ня веру ў супадзеньні, я веру ў заканамернасьці. Ужо тры разы я чула ад розных бакоў дату 20 сьнежня. Я спадзяюся, можа, на дзень народзінаў? (Вольга нарадзілася 20 сьнежня).

Сёньняшні ціск на госьпіс павінен паказаць людзям, што адбываецца. Тое, што сёньня адбываецца ў дзяржаве, — не пра палітыку. Ты сёньня ня можаш сказаць слова насуперак. Ёсьць людзі, згодныя заплюшчыць вочы і жыць з гэтым. Годных людзей, якія паварочваюцца да пераменаў, недастаткова. Я вярнуся, калі людзі ўсьвядомяць.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:20)